Слова, стаўшае жыццём. Святая Еўфрасіння Полацкая і кніжная традыцыя Полацкага княства

Доклады

Даклад Дзіяны Маркевіч (Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Багдановіча) на святкаванні Дня праваслаўнай кнігі ў Маладзечанскай епархіі.

Кніга

Бясследна нішто не міне,

Гісторыя слова адродзіць.

Ты — мост, па якім да мяне

Мінуўшчына ў госці прыходзіць.

Мільгаюць старонкі твае —

I мы размаўляем з вякамі,

I продак да нас дастае

Радкамі, нібыта рукамі.

Учора і сёння —

Штодня —

У люты мароз і ў адлігу

Стварае людская радня

Жыцця непаўторную кнігу.

Мы пішам адменным пяром,

Што ўручана родным народам.

Пілот у нябёсах — крылом,

Араты на полі – нарогам.

Мы — словы такога пісьма,

Якое ў вяках не сатрэцца.

Ты — мост, па якім нездарма

Іду я з патомкам сустрэцца.

Пятрусь Макаль

Жыццё кожнага, які паважае сябе чалавекам, так ці інакш звязана з кнігамі. Мудрасць, якая змяшчаецца ў творах мінулых гадоў, здольная жыватворным чынам ўплываць на сучаснае жыццё. Чытанне якаснай літаратуры часам замяняе зносіны з разумным чалавекам. Бо нездарма кажуць, што кніга — лепшы суразмоўца, мудры і ўважлівы.

Неабходнасць пазнаваць нешта новае закладзена ў чалавечай прыродзе, таму многія з нас так імкнуцца да крыніцы ведаў. Сёння мы з вамі разам здзейснім невялікае падарожжа ў мінулае, падчас якога дакранёмся да старажытнай кнігі, яе гісторыі і выкажам падзяку нашай святой, што здаўна шануюць як нябесную заступніцу Беларускае зямлі — Еўфрасінні Полацкай. Гэту падзяку яна заслужыла сваім ахвярным жыццём, прысвечаным асвеце нашых продкаў.

Старажытныя кнігі на тэрыторыі Беларусі

Мала дайшло да нас артэфактаў гісторыі, якія па сваёй знакавасці і культурнай каштоўнасці пераважваюць старажытныя рукапісы. Традыцыі пісьменства на беларускіх землях былі ўспрыняты старажытнымі асветнікамі яшчэ ад дзейнасці святых братоў Кірыла і Мяфодзія.

Большасць рукапісаў, што дайшлі да нас з часоў Сярэднявечча — гэта творы сакральнага характару: Евангеллі (каля чвэрці ўсіх зарэгістраваных старажытных помнікаў пісьменнасці), Псалтыры, зборнікі царкоўных песнапенняў, манастырскія статуты і г.д.

Пачынаючы з ХІ ст. колькасць старажытных рукапісаў, што распаўсюджваліся на ўсходнеславянскіх землях, павялічвалася з неверагоднай хуткасцю. Пры цэрквах і манастырах ствараліся скрыпторыі — своеасаблівыя лабараторыі па перапісванні святых тэкстаў. І хаця аднаму чалавеку трэба было 8-10 месяцаў, каб перапісаць кнігу, ужо ў першыя стагоддзі пасля прыняцця хрысціянства колькасць рукапісных кніг налічвала тысячы асобнікаў.

У пабудаваных цэрквах вяліся службы, чыталася Літургія па старажытных рукапісах — спачатку завезеных з поўдня, потым перапісаных мясцовымі кніжнікамі.

Пачэснае месца сярод старажытных кніг, створаных на беларускіх землях і дайшоўшых да нашых дзён, займае Полацкае Евангелле ХІІ ст. (магчыма, пач. ХІІІ ст.):

Кніга створана па візантыйскіх узорах, але выглядае больш сціпла. Няма сумневу, што перапісчык быў родам з Полаччыны. Тэкст напісаны буйнымі правільнымі (устаўнымі) літарамі, уяўляе сабой поўнае апракаснае Евангелле (хаця на сённяшні дзень захаваліся толькі дзве трэція рукапісу).

Полацкае Евангелле — самы старажытны рукапісны тэкст, што дайшоў да нас з тых, што ўзніклі на беларускіх землях у часы Сярэднявечча (старэйшае за яго толькі Тураўскае Евангелле ХІ ст., але ад яго захавалася ўсяго 11 аркушаў). Евангельскі тэкст напісаны на пергаміне, тонка вырабленай скуры маладых цялят. Нягледзячы на амаль тысячу гадоў, што аддзяляюць нас ад моманту стварэння гэтай кнігі, можна адзначыць вельмі добрую ступень захаванасці помніка. Службы вяліся пры свячах, святар мог трымаць свечку ў руцэ, расплаўлены воск мог капнуць на старонку, тонкая скура пад уздзеяннем цяпла губляла цэльнасць, на старонках заставаліся няроўнасці, дзірачкі… Іх можна разгледзіць і сёння.

У якасці ўпрыгожанняў выкарыстаны арнамент візантыйскага характару, ініцыялы напісаны чырвонай фарбай, часам сустракаецца і сіні колер.

Са знакаў прыпынку ўжывалася толькі кропка, што ставілася пасярэдзіне радка і абазначала канец цэльнага фрагмента. Як і ва ўсіх помніках пісьменнасці таго часу, словы пісаліся без прабелаў і пераносіліся на наступны радок без знакаў пераносу, што значна ўскладняе чытанне і разуменне тэксту. На першай старонцы ў якасці ўпрыгожання калісьці быў арнамент з выкарыстаннем срэбра, якое з часам акіслілася і пачарнела.

Полацкае Евангелле з моманту стварэння захоўвалася ў манастыры ў Полацку, адкуль было вывезена падчас вайны з Іванам Грозным у XVI ст. На некалькі стагоддзяў сляды помніка губляюцца. Кніга згадваецца толькі ў ХІХ ст. у пераліку адной з прыватных расійскіх бібліятэк. Неўзабаве рукапіс выкупіла Расійская нацыянальная бібліятэка імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына, дзе помнік захоўваецца і па сённяшні дзень.

Што цікава, што час ад часу сярод строга выпісаных у адпаведнасці з канонам літар сустракаюцца тыя, што абазначалі гукі з роднай гаворкі перапісчыка. У тэксце Полацкага Евангелля выступае, напрыклад, з’ява цокання. Бясспрэчным доказам беларускага паходжання перапісчыка служаць таксама выпадкі акання. Іх няшмат, на ўвесь тэкст усяго 3-4, але яны ёсць. Сустракаецца і зацвярдзелы р. Кім мог быць перапісчык гэтай кнігі? Гэта быў мясцовы жыхар, ураджэнец Полаччыны. Асоба адукаваная, дасведчаная ў візантыйскай традыцыі пісьма, з добрым густам… У адным з жыційных тэкстаў, напісаных акурат у той жа час і ў тым самым месцы, чытаем: «пачала кнігі пісаць сваімі рукамі і, беручы аплату, аддавала яе бедным…» Хутчэй за ўсё вядомыя радкі Жыція святой і прападобнай Еўфрасінні Полацкай… Версія гэта пакуль не падмацоўваецца навуковымі фактамі, але тое, што Полацкае Евангелле ўзнікла пад уплывам асветніцкай місіянерскай дзейнасці першай беларускай святой, не падлягае сумневу. Можа, не гэты канкрэтна тэкст, але шмат іншых кніг, па якіх служылі службы ў праваслаўных цэрквах, былі створаны ў выніку падзвіжніцтва Першай Святой зямлі беларускай.

Еўфрасіння Полацкая

Еўфрасіння Полацкая, адна з самых шанаваных асоб у беларускай культуры і праваслаўі, нарадзілася больш за 900 гадоў таму. Гісторыкі не ведаюць, калі яна дакладна нарадзілася, але на думку некаторых з іх гэтая падзея здарылася 5 студзеня 1104 года.

Прадслава — а менавіта так назвалі бацькі будучую заступніцу беларускіх зямель — паходзіла з сям’і полацкіх князёў. З самага ранняга дзяцінства ў яе характары вылучалася сярод іншых пачуццяў і талентаў любоў да кнігі і мастацтва.

У знакамітым Жыціі Еўфрасінні Полацкай, якое меркавана каля 1187 года напісаў манах з манастыра Прасвятой Багародзіцы, ёсць такія радкі пра маладую князёўну:

«Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. І па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо была яна прыгожая надта абліччам».

Нашчадак Чарадзея

Прадслава была прамым нашчадкам знакамітай дачкі ўладара Полацкага княства Рагвалода — князёўны Рагнеды, з якой пачалася гісторыя Ізяславічаў.

Таксама яна з’яўлялася і ўнучкай самага містычнага беларускага князя, які па чутках мог ператварацца ў ваўкалака, — Усяслава Брачыславіча, больш вядомага як Усяслаў Чарадзей.

Збеглая нявеста

Калі Прадслава была ў 12-гадовым узросце, яе бацькі, згодна з тагачаснымі традыцыямі, вырашылі выдаць дачку замуж. Але дзяўчына не мела ніякага памкнення звязаць сябе сямейнымі вузамі, усім сэрцам імкнучыся да асвечанага і духоўнага жыцця.

Князёўна рашуча адмовілася ад бацькоўскай перспектывы. І замест пажаданага дынастычнага шлюбу Прадслава стала нявестай Хрыстовай.

Радасць — імя вечнае

Пострыг і манаскі зарок Прадслава зрабіла таемна ад бацькоў, баючыся іх гневу. Асаблівую ролю ў гэтым адыграла яе родная цётка, якая на той час была ігуменняю Полацкага манастыра. І бацькам прыйшлося прымірыцца з яе выбарам (як лічаць даследчыкі, гэта адбылося ў 1116 годзе).

Там жа дзяўчына і атрымала новае імя, пад якім мы яе зараз і ведаем. Дарэчы, імя Еўфрасіння, паходзіць ад старажытнагрэчаскага слова «эўфрасіна», што азначае «радасць».

Дапамагаць беднякам

Неўзабаве, атрымаўшы дазвол з лёгкай рукі полацкага епіскапа Ільі, Еўфрасіння пасяляецца ў мураванай келлі саборнай царквы Святой Сафіі ў Полацку. У знакамітым саборы маладая манашка ўпершыню спрабуе рабіць рукапісныя копіі святых кніг. Але не толькі дзеля асветніцтва.

Кнігі з цеснай келлі ішлі на продаж, а Еўфрасіння «прыбытак ад продажу іх аддавала тым, хто быў у нястачы».

Вешчы сон

Аднойчы Еўфрасінні, пра што гаворыцца ў яе Жыціі, прыснілася незвычайнае. У сне анёл прывёў яе на бераг ракі Палаты каля Сяльца, дзе ў той далёкі час стаяла звычайная драўляная царква. Дзіўны сон паўтараўся тры разы. І Еўфрасіння адчула, што гэта Божы знак.

Адначасова, як сведчыць паданне, вядомы на Полаччыне таленавіты дойлід Іаан некалькі разоў на світанні чуў аднекуль з неба голас, які казаў яму: «О, Іаан, устань і ідзі на справу Уседзяржыцеля Спаса…»

У хуткім часе пасля размовы з дойлідам, Еўфрасіння загадала Іаану пабудаваць каменны храм у гонар Усяміласцівага Спаса. Знакамітая царква была ўзведзена ў рэкордна кароткі тэрмін — усяго за 30 тыдняў. Побач з ёй раскінуўся і манастыр.

Пры жыцці святой Спаса-Прэабражэнскі храм быў распісаны фрэскамі, якія захаваліся да нашых дзён, нягледзячы на віхуру гістарычных падзей. Так, вядомы факт, што ў 1582 годзе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, чые войскі за тры гады да таго ўзялі Полацк, выдаў прывілей, згодна з якім перадаў манастыр са Спаскай царквой ордэну езуітаў. Храм неўзабаве быў перабудаваны і ператварыўся ў касцёл, а старажытныя фрэскі пакрылі слоем вапнавай пабелкі. Маштабныя рэстаўрацыйныя работы пачаліся толькі напачатку 90-х гадоў XX стагоддзя.

Адноўлены ансамбль фрэсак прадстаўляе абсалютна ўнікальную з’яву ў культурнай спадчыне храмавага жывапісу. Па паўнаце захаванасці першапачатковага стану Спаскую царкву можна параўнаць толькі з ансамблямі Кіеўскай Сафіі і сабора Мірожскага манастыра ў Пскове.

У кожнага – свой крыж

Еўфрасінні Полацкай лёсам было адведзена пакінуць значны след у беларускай гісторыі. Яна застаецца натхніцелькай стварэння бадай што самай легендарнай беларускай святыні — знакамітага каштоўнага крыжа.

У 1161 годзе Еўфрасіння звярнулася да майстра-ювеліра Лазара Богшы, які, па яе просьбе, зрабіў шасціканцовы крыж вышынёй каля 52 см. Крыж быў выкананы з кіпарыса, абабіты залатымі і срэбранымі пласцінамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20 абразкамі. Акрамя таго ў пяці паглыбленнях крыжа знаходзіліся хрысціянскія рэліквіі.

У час Вялікай Айчыннай вайны крыж быў выкрадзены. І дагэтуль дакладна невядома, дзе ён знаходзіцца.

Але з благаславення былога Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Філарэта падчас святкавання тысячагоддзя Полацкай епархіі пачалася праца па аднаўленні згубленай рэліквіі. У 1997 годзе брэсцкім майстрам, членам Саюза мастакоў Беларусі Мікалаем Кузьмічом была зроблена вельмі дакладная копія крыжа, якая была аддадзена на захоўванне ў Спаса-Прэабражэнскую царкву.

Паломніцтва і вяртанне

У канцы свайго жыцця Еўфрасіння выправілася ў паломніцтва ў Святую Зямлю, дзе праз некаторы час неўзабаве памерла і была пахавана ў Іерусаліме.

Пасля захопу Іерусаліма мусульманамі труна з мошчамі полацкай княжны была перанесена ў Кіева-Пячорскую лаўру.

Доўгі час Еўфрасінню шанавалі як святую на мясцовым узроўні. Былі спробы кананізацыі ў XVI стагоддзі, але афіцыйна яна стала агульнаправаслаўнай святой толькі ў 1893 годзе.

Дазвол на перанос мошчаў у Полацк быў выдадзены імператарам Мікалаем ІІ. І ў 1910 годзе з вялікімі ўрачыстасцямі рака з мошчамі святой вярнулася на радзіму. Зараз мошчы святой Еўфрасінні знаходзяцца ў яе царкве. Яна дома.

Што ж, вось і падышла да канца наша невялікая вандроўка. Давайце падвядзём вынік.

Духоўны ўплыў беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай выйшаў далёка за межы старажытнай эпохі. Яе імя, справы і вобраз падзвіжніцы крышталізаваліся ў часе і набылі найвышэйшую якасць нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам, вернасці сваёй радзіме. Яна была першай жанчынай, якая:

…заснавала праваслаўны манастыр;

…збудавала храм, што, дарэчы, стаіць і да сённяшняга часу;

…замовіла сусветна вядомы каштоўны крыж;

…атрымала цудатворны абраз Божай Маці, напісаны самім евангелістам Лукой;

…з’яўляецца першай у гісторыі асветніцай у Беларусі;

…стала першай усходнеславянскай праваслаўнай святой, якую, між інышым, прызнаюць усе хрысціянскія канфесіі;

…лічыцца самай вядомай нябеснай заступніцай і апякункай Беларусі;

…з’яўляецца адзінай хрысціянскай святой, да вобраза якой, як да ніводнага іншага, звярталіся ў сваіх паэтычных і празаічных прысвячэннях некалькі дзесяткаў знакамітых беларусаў — Кірыла

Тураўскі, Сімяон Полацкі, Алесь Звонак, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Алег Лойка, Валянцін Лукша і многія іншыя.

А кніга застаецца важнейшай крыніцай асветы, дорыць новыя веды і духоўна-маральныя арыенціры, неабходныя для развіцця нашай незалежнай дзяржавы, дапамагае захаваць гісторыю жыцця пакаленняў, фарміруе пачуццё любові да айчыны, адказнасць за яе будучыню.

Поделиться в социальных сетях