Чацвер, 25 Красавік 2019 19:42

Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Пасхальнае пасланне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага ПАЎЛА, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, пастырам, манахам і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы

Уваскрасення дзень, і прасвятлімся радасцю, і адзін аднаго абдымем; скажам: браты! нават тым, хто ненавідзіць нас, даруем усім праз уваскрасенне, і так усклікнем: Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць растаптаў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў.
Сціхіра Святой Пасхі

Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэснае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, богалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

Гасподзь даў нам зноў сустрэць святочную найвялікшую падзею сусветнай гісторыі — Уваскрасенне Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста. Сёння святкуе Царква Праваслаўная, весяліцца свет бачны і нябачны, мільёны хрысціянскіх сэрцаў напаўняюцца невымоўнай радасцю, бо

ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС!

Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога? (Ас. 13:14) — усклікае сёння ўся паўната Святой Царквы Хрыстовай. Сваёй Крыжовай смерцю Гасподзь наш Іісус Хрыстос скасаваў смерць, Сваім Уваскрасеннем адкрыў перад намі магчымасць уваходжання ў радасць вечнага быцця, дараваў кожнаму з нас благадатныя сілы разарваць путы граху і здабыць сапраўднае жыццё — жыццё ў яднанні з Богам.

Уваскрасенне Хрыстова — краевугольны камень нашай веры, яе неад’емная і непахісная аснова. Калі Хрыстос не ўваскрэс, то марная і пропаведзь наша, марная і вера ваша (1 Кар. 15:14), — усклікае святы апостал Павел. Але Хрыстос Спасіцель паўстаў з мёртвых і адкрыў усяму чалавецтву шлях да ўваскрасення, да вечнага і блажэннага жыцця ў абіцелях Царства Нябеснага. Амаль дзве тысячы гадоў над зямлёй гучыць, не змаўкаючы, пераможная радасная вестка аб Уваскрасенні Хрыстовым — залогу бессмяротнасці кожнага чалавека, які веруе ў Хрыста Спасіцеля і выконвае Божыя запаведзі.

«Калі Хрыстос уваскрэс, то і мы ўваскрэснем у целах нашых», — прапаведуе наш сучаснік і падзвіжнік 20-га стагоддзя, свяціцель Лука (Война-Ясянецкі). Свяціцель прапаведаваў гэта, апостала Паўла, звернутыя да карынфскіх хрысціян: Бо паколькі праз чалавека смерць, то праз чалавека і ўваскрасенне мёртвых. Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць (1 Кар. 15:21-22). Святыя падзвіжнікі пераканана прапаведавалі, што не толькі духоўную, але і цялесную смерць скасаваў Хрыстос Сваім Крыжам, смерцю і Ўваскрасеннем.

Пасля Ўваскрасення Хрыстовага нашы жыццё і смерць цалкам знаходзяцца ў руках усемагутнага Бога, і ў нас няма патрэбы разважаць пра гэта, грунтуючыся на законах прыроды, бо і яны створаны Тварцом усяго, і Ён вольны дзейнічаць не па нашым розуме, а па невядомых нам законах Божых.

Паводле непарушнага абяцання Божага, усё чалавецтва ўваскрэсне ў канцы часу, і выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрасенне жыцця (Ін. 5:29). Нам жа, дзецям Царквы Хрыстовай, належыць не толькі знаходзіцца ў чаканні новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасць жыве (2 Пят. 3:13), але і сведчыць пра Ўваскрасенне Спасіцеля праз справы дабра, любові і міласэрнасці. Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою (Ін. 13:35), — кажа Гасподзь. Добрыя справы дзеля славы Божай — вось самае лепшае, самае яркае пацвярджэнне таму, што Ўваскрасенне Хрыстова і дагэтуль абнаўляе і асвячае свет, перамяняючы сэрцы людзей.

У Хрысце Ўваскрэслым мы ўжо не чужыя, але — адна вялікая сям’я, якая называецца Царквой. Кожны, хто прылічае сябе да Святой Царквы Хрыстовай, закліканы паказаць свету сапраўдную любоў і маральную вышыню, пра якую сказана ў Пасланні апостала Паўла да Карынфян: Любоў доўгацярплівая, міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не ганарыцца, не бясчынствуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не памятае зла, не радуецца няпраўдзе, а радуецца ісціне; ўсё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, ўсё пераносіць (1 Кар. 13:4-7). У гэтых словах апостальскіх адлюстраваны ідэал, недасягальным. Але, як сказаў Спасіцель свету, «...усё магчыма для таго, хто веруе» (Мк. 9:23). А таму, з верай ва Ўваскрасенне Хрыстова і надзеяй на ўсемагутную дапамогу Божую, будзем імкнуцца да таго, каб усё наша жыццё было напоўнена дзейнай любоўю да Бога і бліжніх.

Пачнем славіць Хрыста Ўваскрэслага з даравання нашым крыўднікам і недобразычліўцам, а затым уславім Спасіцеля свету дапамогай людзям у нястачы, падтрымкай гаротных і нядужых, чысцінёй і высакародствам учынкаў. Падзелімся Пасхальнай радасцю з бліжнімі і дальнімі — і гэтая светлая радасць, шматразова ўзмоцненая, вернецца да нас і застанецца ў нашых сэрцах.

У гэтае светлазарнае свята Светлага Хрыстовага Ўваскрасення зноў і зноў звяртаюся да вас — Праасвяшчэнныя архіпастыры і пастыры, інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры, — і шчыра жадаю ўсім вам добрага здароўя, душэўнага міру, моцы духу і невычэрпнай, невымоўнай Пасхальнай радасці!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС!

мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова 2019 года
горад Мінск

Прачытана 54 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates