Серада, 20 Студзень 2016 20:50

Протаіерэй Сергій Лепін: Святая вада — сродак для дасягнення, першым чынам, духоўных вынікаў

Карэспандэнт Беларускага тэлеграфнага агенцтва пагутарыў  са старшынёй Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы, благачынным Ракаўскай царкоўнай акругі  протаіерэем Сергіем Лепіным пра традыцыі і значэнне свята Хрышчэння Гасподняга.

Святар пракаментаваў шырока вядомы хрышчэнскі звычай купання ў ледзяной вадзе. «Вы здзівіцеся, але няма наогул ніякіх правіл не толькі адносна таго, як і колькі акунацца ў палонку, але і адносна таго, ці акунацца наогул. У тэкстах малітваў над асвячэннем вады мы просім Бога асвяціць ваду так, як некалі Ён асвяціў воды Іардана, сыйшоўшы ў іх падчас Свайго Хрышчэння, — каб яна змагла стаць для нас крыніцай нятлення, асвячэння, вылячэннем ад хвароб і падтрымкай у барацьбе з грахом», — адзначыў айцец Сергій.

«Акунанні ў ледзяной вадзе — славянскі народны звычай, прычым такі, да якога трэба ставіцца вельмі асцярожна: цураючыся забабонаў і не пераацэньваючы ўласныя сілы. У свята Хрышчэння Гасподняга вада асвячаецца па ўсім свеце, і зразумела, што далёка не ўсюды яна пакрываецца лёдам. Для таго каб усім хапіла воды ў гэты дзень, яе асвячаюць не толькі ў храмах, але і ў натуральных вадаёмах і студнях. У нас гэты час самы халодны ў годзе — таму ў палонках», — растлумачыў протаіерэй.

«Тэмпература вады ніяк не ўплывае на нашу магчымасць вылечыцца ці атрымаць іншую дапамогу ад Бога. Кожны для сябе выбірае сам прымальны для яго «кантакт» са святой вадой: ці досыць яму толькі выпіць воды ці акрапіцца ёю, ці яму трэба акунуцца ў яе абавязкова цалкам і строга ў палонку», — адзначыў святар.

«Мы спадзяемся на тое, што вернікі не ставяцца да святой вады як да сродку фізічнага ачышчэння. Для гігіены трэба выкарыстоўваць строга звычайную ваду! Святая вада — сродак для дасягнення, першым чынам, духоўных вынікаў, наяўнасць якіх толькі другасна вызначае доступ да змены фізічных параметраў нашага жыцця», — звярнуў увагу айцец Сергій. 

«Без веры і пакаяння не будзе ніякіх вылячэнняў і іншых цудаў — хоць ты купайся ў святой вадзе суткамі да канца жыцця. Ні купанне ў святой вадзе, ні акрапленне ёю, ні яе піццё — нішто не заменіць пакаяння, веры, малітвы, чытання Пісання, добрых спраў, але можа выявіць іх недахоп», — заўважыў протаіерэй.

З нагоды купання ў палонках малалетніх дзяцей айцец Сергій Лепін выказаў меркаванне, што ў гэтым выпадку крытэрам павінны выступаць вера і розум. «Да маразму можна давесці нават і такую набожную традыцыю. Трэба памятаць пра тое, што святая вада не змяняе сваіх фізічных уласцівасцяў, гэта значыць яна фізічна гэтак жа будзе ўздзейнічаць на ваш арганізм, як і неасвячоная, з такімі ж фізічнымі параметрамі. Пры безразважным стаўленні яна можа стаць чыннікам пераахаладжэнняў, халадовых алергій, праблем з сэрцам і ўсяго іншага, што можа паўстаць пры ўздзеянні рэзкіх перападаў тэмператур і працяглага ўздзеяння холаду. Акунанне ў палонку дзяцей, калі яны не загартаваны і тым больш насуперак іх уласнаму жаданню, з'яўляецца неапраўданай рызыкай», — сказаў святар, падкрэсліўшы, што нікому ні ў якім разе нельга купацца пад уздзеяннем алкаголю і наркотыкаў, у неабарудаваных месцах, у адзіноце.

Старшыня СІНФА БПЦ растлумачыў, у чым складаецца сэнс асвячэння вады: «Вада — знак жыцця, яго абавязковая ўмова. У нашых абрадах яна ёсць метафара Духу Святога, які чысціць нас ад “усялякай брыдоты”. Вада спрыяе абнаўленню нашай надзеі на тое, што ў кожнага ёсць магчымасць духоўна абмыцца, ачысціцца пакаяннем, асвяціцца верай — прытым так, што ад багацця міласці Божай мы яшчэ зможам падзяліцца сваім спадзяваннем з акружаючым нас светам».

«Хрышчэнская вада – вялікая святыня, якая ў вызначаных выпадках замяняла (праўда, толькі толькі сітуатыўна, а не сутнасна) Прычашчэнне Святых Хрыстовых Таін — напрыклад, у выпадках, калі хрысціянін адлучваўся ад Прычасця. Піць Хрышчэнскую ваду прынята нашча, з адмысловай глыбокай павагай і малітвай, магчыма разам з артасам ці прасфорай. Яе можна піць кожны дзень, але ў асаблівы час — час хвароб, выпрабаванняў і спакус. Святая вада павінна быць у кожным доме, захоўваць яе трэба ў чыстым, спецыяльна пазначаным посудзе, шчыльна зачыненай, у прахалодным месцы без доступу прамых сонечных прамянёў у недасягальнасці для дзяцей і жывёл. І за ўсімі гэтымі бутэлечкамі і прасфорачкамі трэба паспрабаваць не забыцца пра Хрыста, што праваслаўны — гэта не той, хто ўвесь час штосьці п'е ці грызе», — рэзюмаваў святар.

Прачытана 3502 разоў Последнее изменение Серада, 20 Студзень 2016 21:05

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates