Нядзеля, 08 Сакавік 2015 16:40

Протаіерэй Сергій Лепін: свята павінна мець пад сабой аснову

Сёння многія задаюцца пытаннем, ці варта хрысціянам святкаваць 23 лютага і 8 сакавіка. Гэтую тэму вынес на абмеркаванне святароў розных канфесій хрысціянскі інфармацыйны партал КРЫНІЦА.INFO. З боку Беларускай Праваслаўнай Царквы адказ даў клірык Маладзечанскай епархіі, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга ў аг.Ракаў Валожынскага раёна, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ, протаіерэй Сергій Лепін.

— Не бачу нічога дрэннага ў самой ідэі святкавання 23 лютага Дня абаронцаў Айчыны і Ўзброеных Сіл Беларусі. Аналагічныя ваенна-патрыятычныя святы адзначаюцца сёння практычна ў кожнай краіне. Хоць, вядома, гісторыкам можна спрачацца аб тым, які дзень для гэтага свята будзе больш падыходзячым. Асабіста я не адзначаю 23 лютага, паколькі сам не служыў у войску і сваімі пастырскімі абавязкамі ніяк не звязаны з акармленнем узброеных сіл. Зрэдку віншаванні, якія здараюцца ў мой адрас па гэтай падставе, мяне толькі бянтэжаць.

А вось асобныя моманты гісторыі Міжнароднага жаночага дня ў шматлікіх хрысціянскіх даследчыкаў, як вядома, выклікаюць заклапочанасць. Сёння сярод праваслаўных вельмі папулярная ідэя замены сумніўных з іх пункта гледжання свят на свае аналагічныя. Гэта, напрыклад, Нядзеля жанчын-міраносіц (замест 8 Марта), Дзень сям'і, кахання і вернасці ў дзень памяці Пятра і Фяўронні Мурамскіх (замест дня св. Валянціна). Не ведаю, можа, і замест Хэллоуіна і дня св. Патрыка хутка нешта з'явіцца.

І хоць асабіста для мяне магчымасць віншаваць жанчын 8 сакавіка не з'яўляецца пытаннем веры і маральнасці, у сям'і Міжнародны жаночы дзень мы не адзначаем. Увогуле, ні мне, ні жонцы ідэя неяк асоба вылучаць савецкія рэвалюцыйныя святы, у тым ліку Жаночы дзень, не цікавая. Свята бачыцца мне ўнутрана супярэчлівым: у тэорыі прысвечанае барацьбе за жаночыя правы, яно на практыцы само апыняецца сэксісцкім.

Нават калі абстрагіравацца ад усяго гэтага рэвалюцыйнага духу і эмансіпацыйнага пафасу… не ўспамінаць пра Клару Цэткін і Розу Люксембург… Ведаеце, у цэлым, мне не здаецца правільным віншаваць чалавека толькі за тое, што ён нарадзіўся жанчынай або мужчынам.

Свята павінна мець пад сабой аснову — духоўную, рэлігійную, гістарычную альбо культурную. Прытым, абавязкова такую, якая ўспрымаецца як каштоўнасць і з якой адчуваецца маральная сувязь.

У той жа час, свята — гэта, парой, нешта вельмі асабістае і індывідуальнае. Тое, што здаецца цалкам няважным аднаму чалавеку, уяўляе выключную каштоўнасць для іншага.

Ёсць агульныя святы, якія могуць аб'ядноўваць цэлыя нацыі, або толькі прафесійныя групы, супольнасці грамадзян па факце іх стаўлення да рэлігіі або неяк інакш. А ёсць сямейныя святы або нават проста асабістыя памятныя даты, існасць якіх зразумелая толькі дваім… Калі хочацца зрабіць прыемнае любімаму чалавеку, то навошта чакаць нейкага дня ў каляндары? А калі не хочацца, для чаго тады ўсё гэта? Таму, што «так прынята» і «усе так робяць»?

Аднак сапраўдна і зваротнае: калі чалавеку вельмі хочацца падарыць камусьці кветкі менавіта на 8 дзень сакавіка, то… хто мае права яму перашкодзіць? Ды на здароўе!

Па матэрыялах сайта church.by

Прачытана 2566 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates