Чацвер, 25 Красавік 2019 17:35

Пасхальнае пасланне епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла - 2019

"Велiчае душа мая ўваскрэслага праз тры дні ад гроба Хрыста Жыццядаўца"

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры! Ад лішку пачуцця вялікай сардэчнай радасці, спяшаюся ўзвясціць Вам:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Вітаючы адзін аднаго гэтымі словамі, мы не толькі прыпадабняемся апосталам, якія прапаведавалі ўбачанае ўласнымі вачыма але і падзяляемся самай галоўнай і радаснай для кожнага, хто жыве на зямлі, весткай.

Уселітасцівы Гасподзь, праз Уваскрэсенне Богачалавека Іісуса Хрыста, зноў заклікае нас да вечнай радасці. І пачатку гэтай радасці мы можам спадабніцца ўжо тут, на зямлі, святкуючы Пасху Хрыстову!

Гэта эпахальная падзея прывяла да жаху і весялосці не толькі тых, хто жыве на зямлі, але і ўвесь нябачны свет, бесцялесны. "Пасха - свята сусветнае і найвялікшае. Бо Ўваскрэсенне Хрыстова карэнным чынам змяніла і зямлю, і пекла, і Неба. На зямлю Ўваскрэслы Бог паслаў Духа Святога і асвяціў на зямлі Хрыстову Царкву - слуп і сцвярджэнне Праўды, якая будзе на зямлі да скону сусвету, і брама пекельная не адолее яе. У пекла сышла душа Госпада пасля Яго смерці, знішчыла пекла і ўваскрэсла. На неба ўзышоў Уваскрэслы Хрыстос і заснаваў там Царкву, у якую ўвайшлі і працягваюць уваходзіць душы ўсіх праведнікаў. Царква злучыла Неба і зямлю. У нас адна Царква - зямная і нябесная", - кажа свяціцель Маскоўскі Макарый.

З Евангелля мы чуем: "Я аддаю жыццё Маё, каб зноў прыняць яго. Ніхто не адбiрае яго ў Мяне, а Я аддаю яго Сам. Уладу маю аддаць яго і ўладу маю зноў прыняць яго" (Ін.10; 17-18). Гэтыя словы Госпада нашага Іісуса Хрыста паказваюць нам, што паслухмянства волі Бога Айца "нават да смерці, і смерці крыжовай" былі не выпадковымі. Чалавечая існасць абнавілася ў Хрысце і разам з Ім уваскрэсла і ў першародным вобразе ўзнеслася да Айца Нябеснага. Вобраз Божы ў чалавеку вярнуўся да свайго Першаўзору. Зведаўшы ў поўнай меры ўсю чалавечую злосць, дыявальскую хлусню і несправядлівасць, крыжовымі пакутамі і Ўваскрэсеннем, Хрыстос зацвердзіў перамогу дабра над злом, паказаў сілу і веліч праўды Божай.

Пасха Хрыстова - гэта адзіная перамога, якая не выклікае шкадавання да пераможанага. Перамога, якая не падзяляе на пераможцаў і тых, хто прайграў, а наадварот аб'ядноўвае. Перамога, здабытая незлічоным коштам, за якую ўсім людзям без выключэння адкрыта Царства Славы.

"Мы прабачаны, мы выратаваны і адкуплены - Хрыстос Уваскрэс! У гэтых двух словах усё сказана. На іх заснавана наша вера, наша надзея, любоў, хрысціянскае жыццё, уся наша прамудрасць, асвета, Святая Царква, сардэчная малітва і ўся наша будучыня. Двума гэтымі словамі знішчаны ўсе бедствы чалавечыя, смерць, зло і падараваны жыццё, асалода і воля!", - кажа свяшчэннамучанік Серафім (Чычагоў).

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры! З любоўю і радасцю пра Ўваскрэслага Хрыста Спасiцеля, віншую ўсіх Вас са Светлай Пасхай Гасподняй. Малітоўна жадаю ўсім нам быць цвёрдымі ў веры і нястомна выконваць запаведзь Госпада нашага Іісуса Хрыста: "Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя учынкi, і ўслаўлялі Айца вашага, якi на Нябесах" (Мф. 5, 16).

ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ УВАСКРЭС!

+ПАВЕЛ
ЕПІСКАП МАЛАДЗЕЧАНСКІ І СТАЎБЦОЎСКІ

ПАСХА ХРЫСТОВА
2019 ГОД

г. Маладзечна

Прачытана 41 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates