Панядзелак, 31 Снежань 2018 11:10

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла - 2019

«Хрыстос нараджаецца, - слаўце! Хрыстос з нябёсаў, - сустракайце! Хрыстос на зямлі, - узносцеся! Спявай Богу, уся зямля, і з радасцю спявайце, людзі: бо Ён праславіўся».
(Ірмас 1 песні канона Свята).

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры! З вялікай духоўнай радасцю віншую Вас са светлым святам Ражджаства Хрыстовага і надыйшоўшым Новым, 2019, годам!

«Слова стала плоццю! Для таго, каб нас зямных зрабіць нябеснымі, грэшных - святымі. Каб ад тлення ўзвесці да нятлення, ад зямлі - на неба, ад рабства граху і дыяблу - у слаўную свабоду дзяцей Божых, ад смерці - да неўміручасці. Каб нас зрабіць сынамі Божымі і пасадзіць разам на прастол як царскіх дзяцей», - гаворыць па выпадку свята Нараджэння Хрыстовага святы праведны Іаан Кранштадскі.

Здзейснілася падзея, якую чалавецтва чакала з моманту выгнання з Эдэмскага Саду. Адначасова ўвасобіліся божае абяцанне і промысел пра род людскі. Па словах свяціцеля Іаана Залатавустага: «Навошта праайцы гэтак моцна імкнуліся, што прарокі прадказвалі, і праведныя жадалі бачыць, то сёння здзейснілася, Бог з’явіўся на зямлю ў целе і пасяліўся паміж людзей». Увасабленне Сына Божага ў корані змяніла ход чалавечай гісторыі і паклала пачатак новаму летазлічэнню.

У Віфліемскай пячоры, сярод паўночнай цішыні, нарадзіўся Той, Хто «выратуе людзей Сваіх ад грахоў іх» (Мф.1;21). Гэтае абяцанне сведчыць пра тое, што вызваліцца ад рабства граху, атрымаць волю і духоўную радасць, мы можам толькі звярнуўшыся да Хрыста. Святло Хрыстова асвятляе ўсіх незалежна ад нацыянальнага паходжання ці сацыяльнага статусу. Сын Божы, Крыніца і Надаўца жыцця, ліквідуе грахоўную перашкоду, якая падзяляе Бога і чалавека і зноў адкрывае яму шлях да Неба. Сваім Нараджэннем Гасподзь наш Іісус Хрыстос дае нам магчымасць адрадзіць у сабе зіхатлівую выяву Божую.

У гэтыя святыя дні Ражджаства, малітоўна жадаю ўсім нам адчуць вялікі духоўны сэнс падзеі, дзякуючы якой, па словах свяціцеля Іаана Залатавустага: «Бог на зямлі, чалавек на небе. Анёлы саслужаць людзям, людзі ў зносінах з Анёламі і іншымі Нябеснымі Сіламі; дэманы ўцякаюць, смерць знішчана, рай адкрыты, клятва знята, грэх знік, памылкі выпраўлены, праўда прыйшла. Прырода, ад якой Херувімы засцерагалі рай, аб’ядналася сёння з Богам».

Хай будучы год пройдзе ў нас не ў бескарысці і духоўнай бяздзейнасці, а ў руплівым выкананні Гасподніх запаведзяў і добрых спраў хрысціянскай любові і міласэрнасці, якія няхай стануць сведчаннем нашай шчырай веры, надзеі і любові да Народжанага Боганемаўляці Хрыста!

+Павел,
епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі 

Ражджаство Хрыстова
2018/2019 г.
г.Маладзечна

Прачытана 70 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates