Панядзелак, 02 Красавік 2018 16:22

Пасхальнае пасланне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла - 2018

Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастары, шаноўныя прэсвітары і дыяканы, багалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Ад сэрца, напоўненага светлай радасцю пра Спасіцеля, што паўстаў з Труны, усіх вас вітаю гэтымі жыццесцвярджальнымі словамі і віншую са святам свят — Пасхай Гасподняй.

Сёння мы пакліканы на вялікі баль веры, на вялікую ўрачыстасць духу. Адзінародны Сын Божы, Які прыйшоў у свет, зведаў пакуты і смерць на крыжы, воляю Нябеснага Айца пераможна паўстаў з труны! Іісус уваскрэс — і «паглынута смерць перамогаю» (1 Кар. 15:54)! Ён уваскрэс — і радуецца ўвесь Сусвет! Гасподзь скасаваў пекла і знішчыў уладу дыябла. І ўсё гэта здзейсніў Чалавекалюбівы Бог, каб усынавіць нас Сабе праз Іісуса Хрыста, у Якім мы маем адкупленне Крывёю Яго і прабачэнне грахоў (Эф. 1:4-5; 7).

Перамога Хрыста над смерцю — гэта не толькі духоўная, але і фізічная рэальнасць. Гасподзь Іісус сапраўды ўваскрэс целам дзеля выратавання ўсіх людзей. З Яго ўваскрэсеннем смерць страціла свой незваротны характар, і для тых, хто паверыў у Хрыста, стала нараджэннем у вечнае жыццё, дзвярамі, якія адкрываюць шлях да неба, да Царства Божага.

Невыпадкова і пакутнікі за Хрыста мужна сустракалі любыя пакуты. І калі раней нават вялікія праведнікі смуткавалі па памерлых, як пра загінуўшых, то пасля ўваскрэсення Госпада Іісуса смерць больш не палохала іх. Як выдатна піша свяціцель Афанасій Вялікі, з гэтага часу ўсе, хто верыць у Хрыста, маюць яе за нішто, ведаючы цалкам добра, што, калі яны паміраюць, яны не гінуць, але жывуць і становяцца нятленнымі праз уваскрэсенне (Слова пра ўвасабленне Бога Слова і пра прышэсце Яго да нас у плоці). Яркі прыклад паказалі нам і навамучанікі Царквы Рускай, якія бясстрашна прынялі мучаніцкія вянкі ў гады ганенняў на веру ў XX стагоддзі.

Сёння, калі свет усё больш становіцца падобным да неразумнага багача з евангельскай прытчы (гл. Лк. 12:16-21), калі камфорт, паспяховасць і доўгае жыццё аб'яўляюцца ледзь не галоўнымі каштоўнасцямі чалавечага быцця, мы, вучні і паслядоўнікі Спасіцеля, услед за апосталам Паўлам адважна сведчым: для нас жыццё — Хрыстос (Флп. 1:21), а смерць — не канец быцця. Гаворым і верым так, бо ведаем: Бог стварыў душу чалавека для вечнасці.

Як часта нам, пагружаным у мітусню і трывогі штодзённасці, не хапае духоўнай зоркасці, каб распазнаць пераўтваральную сілу Божай прысутнасці ў нашым жыцці! Але пасхальны перыяд — зусім iншая пара. У гэтыя дні нават само паветра як бы прасякнута ні з чым не параўнальнай пасхальнай радасцю, а любоў і міласэрнасць Божыя багата праліваюцца на кожнага чалавека.

Уваходзячы ва ўрачыстасць гэтага дзіўнага і прамяністага свята, мы закліканы не толькі словам, але і справай пераканаўча сведчыць пра той вялікі дар, які атрымалі людзі праз Уваскрэслага Госпада Іiсуса. Падзелімся ж з усiмi, хто вакол нас, радаснай Евангельскай весткай, падорым нашу любоў, клопат і ўвагу блізкім, створым дабро тым, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе і суцяшэнні. Толькі так, удзячнымі вуснамі і ўдзячным сэрцам услаўляючы паўстаўшага ад труны Спасiцеля, мы становімся спадчыннікамі здзейсненага пасхальнага цуду і з адвагай называемся сынамі і дочкамі Бога Ўсявышняга, Якi праявіў бязмерную любоў да ўсіх нас.

Сардэчна віншуючы вас са светлым святам Святой Пасхi, зноў і зноў звяртаю да вас радаснае прывітанне:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ I ЎСЯЕ РУСІ КІРЫЛ

Масква, Пасха Хрыстова 2018 г.

Прачытана 674 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates