Панядзелак, 02 Красавік 2018 16:07

Пасхальнае пасланне епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла - 2018

“Прыдзіце, спазнаем новага плода вінаграднай лазы, Божай радасці, у хвалебны дзень уваскрэсення, і прымем удзел у Царстве Хрыста, апяваючы Яго, як Бога, назаўжды.” (Трапар пасхальнага канона)

Улюбёныя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры!

Выконваючы шматвекавую традыцыю, з вялікай радасцю ў сэрцы, вітаю Вас словамі:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

У гэтых, здавалася б, простых словах, выказана ўся наша вера: «Калі Хрыстос не ўваскрэс, то і пропаведзь наша дарэмная, дарэмная і вера ваша" (1 Кар. 15;14), перасцерагае апостал Павел.

Мы зноў спадобіліся сустрэць Пасху Хрыстову і стаць сведкамі Ўваскрэсення Госпада нашага Іісуса Хрыста. Гэты пасхальны цуд назаўжды змяніў ход гісторыі, гісторыі зносін Бога і чалавека. З часоў Ахвяры, якая збавіла нас, нам адкрыта новая эра, у якой Хрыстос Спасіцель чакае ў свае нябесныя палацы кожнага з людзей. Гасподзь раскрыў нам Свае абдымкі і нам трэба зрабіць усяго толькі крок Яму насустрач. Варта толькі ўпусціць у сваё сэрца Бога і тады «ні сённешняе, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай» (Рым. 8:38-39).

У дні велікоднага перыяду мы ў захапленні вітаем адзін аднаго словамі «Хрыстос Уваскрэс»! І, ад перапаўнення гэтай радасцю, ні ў кога не ўзнікае сумневу ў тым, што смерць зрынута. Наперадзе - толькі жыццё будучага веку. «Хрыстова Ўваскрэсенне стала жыццём і вызваліла ад грахоў тых, хто верыць у Яго, каб яны жылі ў Бозе і прыносілі плады праўды», - кажа прападобны ава Ісаія. Сваім подзвігам, які збавіў нас, Сын Божы праклаў нам шлях у Царства Нябеснае. Па словах свяціцеля Філарэта Маскоўскага: «Да Ўваскрэсення Хрыстова многія людзі ведалі толькі зямлю, на якой яны з’яўляюцца на кароткі час і неўзабаве знікаюць, невядома куды. Іншыя нешта чулі яшчэ пра пекла, як пра прорву, якая ўсіх пагражае паглынуць і нікога не аддае назад. Нямногія падумвалі пра Неба, як пра нейкае жыллё ўвышыні, да якога нехта толькі ў сне бачыў лесвіцу, і толькі такую, па якой узыходзілі Анёлы Божыя, а людзей не было відаць (Быц. 28:12). Зараз, калі Хрыстос уваскрэс і калі Яму, як Богачалавеку, дадзена «ўсялякая ўлада на небе і на зямлі» (Мф. 28:18), неба не толькі зрабілася дасягальным, але нават з’ядналася з зямлёй так, што цяжка знайсці паміж імі мяжу і адрозненне, бо і на зямлі з’яўляецца Бажаство, і на небе чалавецтва».

З’яўляючыся паўнатою адкрыцця пра Бога і пра Царства Нябеснае, Уваскрэсенне Хрыстова раскрывае нам вобраз адзінства адзін з адным у Хрысце Ўваскрэслым. Таму ў сваіх богаслужэбных тэкстах Праваслаўная Царква з асаблівай радасцю і захапленнем услаўляе Таго, хто «ўваскрэс, і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі і над жывымі» (Рым. 14:9).

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры!

Сустракаючы сёння Пасху Хрыстову, будзем памятаць запавет Спасіцеля: «Я з вамі ва ўсе дні да заканчэння свету» (Мф. 28,19). Хай гэты зарок умацуе нашы душэўныя і цялесныя сілы ў справе служэння Богу і людзям праз пропаведзь пра Яго цудоўнае Ўваскрэсенне!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ УВАСКРЭС!

ПАВЕЛ
ЕПІСКАП МАЛАДЗЕЧАНСКІ І СТАЎБЦОЎСКІ

ПАСХА ХРЫСТОВА
2018 ГОД

Прачытана 176 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates