Серада, 03 Студзень 2018 10:33

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла - 2018

«Віфлеем, рыхтуйся, ды ўладкоўваюцца яслі; пячора, прымай: Праўда прыйшла. Цень прабег, і Бог чалавекам ад Дзевы з’явіўся, прыняўшы вобраз падобны нам і абожыўшы тое, што прыняў».
(Стыхіра першай гадзіны).

Сардэчна віншую Вас, пачэсныя айцы, браты і сёстры з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага, пра якое анёльскі хор узвясціў словамі: «Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2,14).

«Сапраўдная ноч дастаўляе мір і цішыню сусвету. Гэта ноч належыць Лагоднаму, таму няхай кожны адкладзе лютасць і суровасць; належыць пакорліваму, няхай кожны ўтаймуе свой гонар і змірыць сваю фанабэрыстасць... Гэта дзень, у які нам пасланы дар, што мы і не прасілі... Само Бажаство заключыла сябе ў чалавечую прыроду, каб гэта прырода памкнулася да ўсяго святога», - кажа прападобны Яфрэм Сірын.

Выконваючы Святую Волю Свайго Айца, Гасподзь наш Іісус Хрыстос прыходзіць у людское акружэнне. Успрыняўшы на сябе чалавечае аблічча, Сам Творца Сусвету дае нам прыклад праўдзівай любові і безпадстаўнай пакоры. Цар Нябесны з’яўляецца не ў палацы, як патрабуе Яго веліч, а пакорліва кладзецца ў яслі ва ўбогай пячоры. «І Слова стала плоццю і жыло сярод нас, поўнае благадаці і ісціны» (Ін. 1,14).

На працягу ўсёй сваёй гісторыі хрысціянства рушыць па цярністым шляху. Вораг роду чалавечага ідзе на розныя хітрыкі, каб толькі мацней перашкодзіць Таму, хто павінен знішчыць галаву змяі. Ганенні бязбожных імператараў у першыя стагоддзі хрысціянскай эпохі, філасофскія павевы, ерасі, расколы, скажэнне гістарычных фактаў, якія ставяць пад сумнеў існаванне Хрыста, багаборніцкія рэжымы, – усё гэта было накіравана на тое, каб заглушыць у свядомасці людзей памяць пра гэту найвялікшую падзею. 

Але нічога з гэтага не выйшла. Па сваёй невыказнай дабрыні Бог працягвае дарыць нам Сваю Божую любоў, злучаючы ў сабе нябесны і зямны свет. Магчымасці гэтай любові неабмежаваныя. Яна здольная памякчыць нават самыя злыя сэрцы, памірыць самых клятых ворагаў, перамагчы ўсе паклёпы дыябла і прывесці ўсіх да міру і згоды. І цяпер, па словах святога Рыгора Неакесарыйскага: «Вялікую і цудоўную таямніцу мы бачым сёння, браты. Пастыры з радаснымі ўсклікамі з’яўляюцца як веснікі да сыноў чалавечых… У вышніх спяваюць Анёлы, абвяшчаюць гімны Арханёлы; нябесныя Херувімы і Серафімы апяваюць хвалу дзеля славы Божай».

У гэта светлае свята Ражджаства Хрыстовага, заклікаю ўсіх Вас, дарагія айцы, браты і сёстры, адкрыць свае сэрцы для Ўладыкі свету, Які нарадзіўся. Хай наша чыстае сэрца стане для Яго самымі ўтульнымі яслямі і самым дарагім падарункам, які мы толькі можам паднесці нашаму Творцы Збавіцелю.

+Павел,
епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі 

Ражджаство Хрыстова
2017/2018 г.
г.Маладзечна

Прачытана 8 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2018 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates