Аўторак, 11 Красавік 2017 10:05

Пасхальнае пасланне епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла

“Нябёсы годна ды весяляцца, зямля ж ды радуецца, ды святкуе і ўвесь свет, як бачны, так і нябачны: бо Хрыстос паўстаў, весялосць вечная”. (Трапар велікоднага канону)

Улюбёныя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры!

У гэты нарачоны і святы дзень, ад усяго сэрца рад вітаць усіх Вас словамі пераможнага лікавання: 

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

У гэты Вялікі дзень, па словах свяціцеля Рыгора Багаслова: “Хрыстос закліканы з мёртвых, якім упадобіўся. У гэты дзень Ён адбіў джала смерці, знішчыў змрочныя засаўкі пекла, дараваў волю душам. У гэты дзень, паўстаўшы ад гроба, Ён з’явіўся людзям, для якіх нарадзіўся, памёр і абуджаны з мёртвых, каб мы, адроджаныя, пазбеглі смерці, уваскрэслі з Ім, уваскрэслым. У гэты святазарны і вялікі дзень, анёльскі лік напоўніўся радасцю, спяваючы пераможную песню”. І гэта песня з года ў год дае магчымасць усім веруючым у Бога стаць сведкамі таямніцы Ўваскрэсення нашага Спасіцеля, Госпада Ісуса Хрыста.

Аб’яднаўшы ў сабе ўсе царкоўныя ўрачыстасці, Вялікдзень адкрывае нам магчымасць убачыць сапраўдную веліч Божай любові. Сваім Уваскрэсеннем Хрыстос здзейсніў то, дзеля чаго прыйшоў на зямлю: разбурыў кайданы граху і смерці, даўшы тым самым нам магчымасць жыць новым жыццём. “Смерці святкуем умярцвенне, пекла разбурэнне, іншага – вечнага – жыцця пачатак”, – чуем мы ў велікодным каноне.

Бо мэта духоўнага і зямнога жыцця чалавека – гэта злучэнне з Уваскрэслым Госпадам. Як для яўрэйскага народа Пасха была пераходам ад рабства да волі, так і для нас з вамі Вялікдзень павінен быць напамінаннем нашага пераходу ад зямлі да нябёсаў. Тое, што здзейсніў у Сабе Бог як у чалавеку, абавязкова здзейсніцца і ў людзях. Вобраз Божы абавязкова вернецца да свайго Першаўзору. “Бо калі вуснамі тваімі ты будзеш вызнаваць Ісуса Госпадам і вераваць сэрцам тваім, што Бог уваскрасіў яго з мёртвых, то спасёны будзеш,” (Рым.10,9). Вось – абавязковая ўмова нашага выратавання.

Выдатна па гэтай нагодзе сказаў свяціцель Мікалай Сербскі: “Уваскрэслы Гасподзь зняў завесу з праўдзівага Бога і з праўдзівага чалавека і явіў нам Сабой веліч і прыгажосць і Аднаго, і другога. Ніхто не можа спазнаць праўдзівага Бога, акрамя як праз уваскрэслага Госпада Ісуса Хрыста; і ніхто не можа спазнаць праўдзівага чалавека, акрамя як праз Яго адзінага… Перамога Хрыстова ёсць адзіная перамога, якой могуць радавацца ўсе чалавечыя істоты ад першароднага і да апошняга. Ён перамог не дзеля Сябе, але дзеля нас”.

Сведчаннем Хрыстовай перамогі над “князем свету гэтага” дыявалам з’яўляецца заснаваная Самім Госпадам Царква, якую Ён стварыў для прадаўжэння справы выратавання роду чалавечага. Голасам Царквы Гасподзь кліча чалавека да зносін з Ім. І дарога, якая вядзе нас да ўваскрэсення, нічым не адрозніваецца ад той, па якой прайшоў Хрыстос Спасіцель. Ідучы па гэтым хросным шляху і ўдасканальваючы сябе ў дабрадзейнасцях і выкананні Гасподніх запаведзяў, мы абавязкова дасягнём “новага Іерусаліма”!

Улюбёныя ў Госпадзе пачэсныя айцы! Дарагія браты і сёстры!

“Ачысцім пачуцці і ўбачым непрыступным святлом уваскрэсення зіхатлівага Хрыста, які гаворыць: “Радуйцеся!”, ясна пачуем, спяваючы песню пераможную”:

ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ УВАСКРЭС!

ПАВЕЛ
ЕПІСКАП МАЛАДЗЕЧАНСКІ І СТАЎБЦОЎСКІ

ПАСХА ХРЫСТОВА
2017 ГОД

Прачытана 271 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates