Серада, 06 Студзень 2016 13:38

Пасланне да Ражджаства Хрыстовага епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага ПАЎЛА

ПАСЛАННЕ ДА РАЖДЖАСТВА ХРЫСТОВАГА
епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла
пастырам, манахам і ўсім верным дзецям
Маладзечанскай епархіі
Беларускай Праваслаўнай Царквы

Узлюбленыя ў Хрысце, Які нарадзіўся, шаноўныя айцы, дарагія браты і сёстры! Зноў, міласцю Божай, мы з хваляваннем і радасцю ў сэрцах сустракаем свята Ражджаства Хрыстовага. Прасвятая Дзева нарадзіла ўсяму чалавецтву Абяцанага Месію, Спасіцеля свету: «І Слова стала плоццю, і жыло сярод нас, і мы бачылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага» (Ін. 1: 14).

Сваім Ражджаством Гасподзь наш Іісус Хрыстос дараваў магчымасць роду чалавечаму атрымаць жыццё вечнае. У чалавецтва, якое некалі так нізка пала праз грэхападзенне нашых прабацькоў, зноў з’явілася надзея злучыцца з Тварцом у Царстве Нябесным.

Як казаў святы Афанасій Вялікі, «Бог для таго стаў чалавекам, каб чалавек стаў богам». Другая Іпастась Святой Троіцы ўспрымае на сябе ўсю паўнату чалавечай прыроды, каб вылечыць яе і асвяціць. Людзі чакалі гэтай блажэннай магчымасці на працягу шматлікіх вякоў, і вось здзяйсняецца старажытнае прароцтва Ісайі: «Вось, Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог» (гл. Іс. 7: 14, Мф. 1: 22-23), — з намі Гасподзь! Хрыстос пасярод нас, Ён чакае нашай узаемнасці ў навяртанні і веры. І я прашу ў Госпада, каб кожны з нас убачыў на небе сваю Віфлеемскую зорку і пакрочыў за ёй шляхам пакаяння, «бо з’явілася благадаць Божая, спасіцельная для ўсіх людзей» (Ціт. 2: 11). Апостал кажа тут «для ўсіх» не выпадкова. Маецца на ўвазе, што шлях да Хрыста даступны для кожнага — нават самага адчайнага грэшніка. Бо Хрыстос сказаў: «Прыйдзіце да Мяне, усе струджаныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мф. 11: 28), «Я прыйшоў не судзіць свет, а спасці свет» (Ін. 12: 47). І мы бачым на шматлікіх гістарычных прыкладах, як спасіцельная Вестка аб Хрысце распаўсюджваецца сярод народаў, змяняючы іх і праабражаючы ў служэнні Праўдзе і Ісціне.

Гісторыя нашага народа — выдатны таму прыклад. Мінулы год быў адзначаны святкаваннем юбілейнай даты — 1000-годдзя з дня спачыну святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, Хрысціцеля Русі. Падобна да таго, як Віфлеемская зорка асвяціла сваімі промнямі цемру ночы Ражджаства, святы князь Уладзімір сваім асветніцкім подзвігам накіраваў наш народ да Святла — да Хрыста і Яго Царквы. І мы, як спадкаемцы здабытку Святой Русі, абавязаны клапатліва захоўваць тыя звычаі і культурныя традыцыі, якімі жылі нашы праваслаўныя продкі.

Плённым быў мінулы год і для нашай з вамі епархіі: адбылася яе дзяржаўная рэгістрацыя, сфарміраваны епархіяльныя аддзелы, асвячоны новыя храмы, добраўпарадкавана епархіяльнае жыццё па прыходах і благачыннях.

Хацелася б сардэчна падзякаваць свяшчэннаслужыцелям, міранам — усім тым, хто нястомна робіць сваю працу дзеля славы Святой Царквы, на дабро бліжняму і на карысць яшчэ зусім маладой Маладзечанскай епархіі, якая праходзіць свой шлях станаўлення. Спадзяюся, што і ў бягучым годзе да нашых ініцыятыў сваімі намаганнямі, ахвярамі і малітвамі далучацца новыя і новыя сэрцы.

Такім чынам, пройдзем разам з вешчунамі і пастухамі да Божых ясляў і заспявайма Госпаду і Богу нашаму разам з ангеламі: «Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля!» (Лк. 2: 14). Заклікаю вас, айцы, браты і сёстры, да шчырай веры, да пакаяння, да цярпення, любові і сведчання аб Ісціне.

Шчодрай вам дапамогі ад Госпада ў новым 2016 годзе, і няхай будзе міласць Госпада Бога нашага з усімі вамі!

ПАВЕЛ,
епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі

Ражджаство Хрыстова
2015/2016 г.
г. Маладзечна

Прачытана 439 разоў

Рэкамендуем

Сайт Русской Православной церкви      Сайт Белорусского экзархата

© 2019 Афіцыйны сайт Маладзечанскай епархіі. Усе правы абаронены.
Беларуская Праваслаўная Царква. Мінская Мітраполія
Пры перадрукоўцы матэрыялаў спасылка на molod-eparchy.by абавязковая
Powered by Joomla 1.7 Templates